Старонка:Na rostaniah 1.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што-ж вас так мала? — спытаў іх Лабановіч.

— Яшчэ прыдуць, — адказаў адзін са старэйшых.

— Заўтра будзе болей, — дадаў другі.

— А вы, дзеткі, яшчэ першы раз прышлі да школкі? — мякка прамовіў настаўнік да маладых.

Тыя спусцілі вочы, і толькі адзін, самы храбры, прамовіў кароткае:

— Але.

VIII

Пагаварыўшы з вучнямі і крыху разагнаўшы іх страх, Лабановіч прынёс журнал і пачаў рабіць запіс. Дзеці смялей падыходзілі да свайго настаўніка і давалі адказы на яго пытанні. Пры гэтым часта выяўлялася прастэча і непасрэднасць дзіцячай істоты, якая вельмі развясельвала нстаўніка і ўсю школу, выклікаючы цэлыя выбухі смеху.

— Скажы-ж ты, галубок, — звярнуўся Лабановіч да аднаго хлопчыка, які падышоў запісвацца. — Як ты завешся?

Хлопчык маўчаў і пазіраў на настаўніка сваімі яснымі вочкамі. Відавочна, у гэтым запытані яму пачулася штось падазронае: ці няма тут якое хітрасці, каб не падашукацца часамі? Запытанне, з яго погляду, было зусім нецікавае і непатрэбнае: хто-ж не ведае, як ён завецца?

Але настаўнік не адступаўся і зноў запытаў, як яго зваць.

— Або ты не ведаеш? — у сваю чаргу спытаў хлопчык.

— Не, не ведаю, бо каб ведаў, то не пытаўся-б.

— Ну, як-жа? Іван, ды і ўсё! — прамовіў громка хлопчык з адценнем лёгкай усерджанасці.

— А цябе як зваць? — спытаў настаўнік другога хлопчыка.

— Лар’ён, — весела адказаў той.

— А як завецца твой бацька?

— Кандрат.

— А як тваё прозвішча?

Хлопчык закрыў рукамі твар і пачаў смяяцца.