Старонка:Na rostaniah 1.pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

велічыні. Вось гэты ў сінім канверце трэба аддаць Гаўрыле Жалезнаму, у белым — Язэпу Нырку, а гэты памяты і засалены — удаве Тэклі… Ну, калі і пераблытаеш іх, не такая ўжо бяда: самі разбяруць, калі будуць чытаць паклоны. Гэта ўжо хутчэй бабы патрапяць.

Забраўшы ўсе паперы, стараста колькі хвілін стаяў і разважаў, як-бы сам сабе здаваў экзамен. Можна было сорак разоў аклікаць яго ці страляць за колькі крокаў ад яго — усё роўна нічога не чуў тады стараста. Здаўшы экзамен, Раман весялеў, з твару сходзіла напружанасць, у якой часта адзначалася пакута, і ўжо звычайным чалавекам ішоў, куды яму было трэба. А калі ў яго памяці гублялася якая-небудзь шрубка, стараста раптоўна спыняўся сярод вуліцы, пазіраў на паперы, пазіраў доўга і напружана. Пры гэтым ён пакручваў галавою і часта страчваў надзею адшукаць гэтую згубленую шрубку. Тады ён зноў вандраваў у воласць і нёс на сваім твары выяўны смутак.

Дзіцячыя галасы гучнелі і мацней даносіліся да кватэры настаўніка. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Розныя мыслі аб школе займалі Лабановіча і раней. Цяпер яны захапілі яго яшчэ з большай сілай. Выпаўненне аднае школьнае праграмы яго не здавальняла, і сваё галоўнае назначэнне, як настаўніка, Лабановіч вызначаў так: абудзіць у вучнях і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з’явы і факту яны падыходзілі з пытаннямі — як выніклі? у чым іх прычыны? І, наогул, каб да ўсяго падыходзілі свядома. У гэтым абуджэнні крытычнае думкі Лабановіч бачыў пачаткі таго вялікага соцыяльнага зруху, які павінен пралажыць прасторную дарогу да новых форм жыцця. Бо калі чалавек пачне разважаць, дашуквацца прычын таго стану, у якім ён знаходзіцца, ён напэўна не пагодзіцца са сваёю доляй і будзе старацца адваяваць сабе лепшае месца на свеце. І калі ў чалавека раскрыюцца вочы, ён сам сабе выбера дарогу і сам за сябе будзе несці адказ. Навязваць-жа людзям сваю волю, вымагаць ад іх, каб яны рабілі іменна так, а не іначай, мы не маем права, бо хто можа па-