Старонка:Na rostaniah 1.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


— Дык ужо вучыцімеце?

— Так, стараста, трэба пачынаць.

— Ну, я ўжо заказаў, каб пасылалі хлопцаў у школу.

— Чаму-ж толькі хлопцаў? Трэба, каб і дзяўчаткі хадзілі.

— Дзе яны пойдуць? — махнуў рукою стараста: — Скажы ім пра школу, дык будуць смяяцца; вельмі дзіўным ім гэта пакажацца. Хоць-бы хлапчукі ўсе пайшлі.

Лабановіч, наколькі мог, тлумачыў старасту, што і дзяўчаткам таксама вучыцца трэба, і даводзіў, скуль гэта патрэба вынікае.

Стараста слухаў, прыплюшчыўшы вочы, і толькі згаджаўся:

— Гэта так, панічок…

— Гэта вы справядліва кажаце.

— А вядома так.

— Што праўда, то праўда.

Але настаўнік бачыў па твары старасты, што ўсе аргументы зусім не пераконвалі яго ў тым, што дзяўчатам трэба навука. Што навука трэба мужчынам (а навуку стараста разумеў, як уменне чытаць, пісанне-ж — ліха яго бяры, без яго можна абыйсціся лягчэй!), стараста не спрачаўся. Справа службы вымагала хадзіць у воласць. А там надаюць яму цэлую кучу розных папер і загадаў. То трэба было павесткі на суд даставіць па прыналежнасці, то нядоімку сыскаць за каго, то лісты перадаць.

У гэтых выпадках у старасты быў асобны парадак. Ён клаў павесткі з павесткамі, лісты з лістамі, нядоімкі з нядоімкамі. І тут галаве яго прыходзілася папрацаваць нямала. Ён распытваў у воласці, каму павесткі, і тут-жа складаў іх у такім парадку, у якім іх трэба перадаць, беручы пад увагу адлегласць. Скажам, павестка для Мікіты Цялушкі, які жыў з гэтага боку вуліцы. Яго павестка клалася першаю, а за ёю ішла другая, трэцяя і так далей. Пасля гэтага стараста запамінаў тых асоб, каму павесткі прызначаліся. Таксама і нядоімкі. На лісты быў іншы парадак. Перш за ўсё іх было нямнога, і канверты былі розныя па колеру і па