Старонка:Na rostaniah 1.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


значыць, прыехалі? - спытаў пісар, каб хоць што-небудзь сказаць, і яшчэ раз азірнуў Лабановіча. - Ну, ну, справа патрэбная, - важна заўважыў ён, пасля чаго перастаў цікавіцца Лабановічам, як чалавек практычны, які з першага погляду адгадаў, што для пісарскага дому карысць ад новага настаўніка невялікая.

Затое-ж Дубейка выказаў многа ўвагі і адзнак шляхетнага тону, знаёмячыся з Лабановічам.

- О! - казаў ён: - Нашага палку прыбывае. Вельмі прыемна, калі круг інтэлігенцыі павялічваецца. - Але разам з гэтым Дубейка запытаўся: - А гэта ўжываеце? - Адначасна з запытаннем ён ускінуў галаву і пстрыкнуў пальцамі па сківіцы.

Лабановіч здзіўлена глянуў на Дубейку. Гэта запытанне для яго было зусім нечаканае, і ён не ведаў, што адказаць.

- Ну, разумеецца, не так, што-б з ног скідацца, - паправіўся памочнік, - а ў кампаніі, пасля таго, як пулечку згуляеш або стукалку, прапусціць чарачку, другую. Гуляеце ў карцішкі?

- Не, не гуляю.

Дубейка ў сваю чаргу здзівіўся, і ўвесь выраз яго твару як-бы казў: "Які-ж ты пасля гэтага інтэлігент?"

- Ну, нічога, - заспакоіў Дубейка. - Пажывеце, навучыцеся. Толькі часцей да нас даведвайцеся, бо ў вас там глуш, чалавека не ўбачыш і, апрача падлоўчага, і зайсці там няма да каго.

- Э, гэта не бяда, - адказаў Лабановіч, - людзі ўсюды ёсць. Чым не людзі тыя-ж самыя палешукі? Хіба да іх нельга зайсці? Я лічу, што сярод іх можна вельмі прыемна прабавіць вольную часіну і там напаткаць не толькі цікавае, але і разумнае, чаго ніколі не знойдзеш ні за чаркаю, ні за пулькаю.

- Не разумею вас, - адказаў Дубейка. - Што цікавае можна знайсці сярод палешукоў? Калі можна там напаткаць што-небудзь цікавае, дык хіба толькі маладзіцу-салдатку. - Пры гэтым Дубейка выразна зірнў на Саханюка і засмяяўся.

- Калега - манах. Ён любіць глуш і адзіноцтва і хоча жыць пустэльнікам.