Старонка:Na rostaniah 1.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


— Ты, Мат’ёна, калі я не п’іду, астаў абед на вячэю.

Настаўнікі вышлі.

— Куды-ж наўперад пойдзем?

— А давайце пачнем па парадку, каб нікому не было крыўдна, — адказаў Лабановіч.

Зрабіўшы колькі крокаў, Лабановіч і Саханюк узышлі на ганак валаснога праўлення.

— Зойдзем да канцылярыі, — сказаў Лабановіч: — Заадно трэба ўзяць паперы і ўсе вучэбныя прылады.

Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. На процілежным яе канцы, на ўзвышшы, адгароджаным балясамі, стаяў вялізны стол, абіты зялёным сукном, а за сталом, на шырокім крэсле засядаў сам пісар. Гэта быў ужо стары чалавек, з шырокай барадой, напалавіну сівою. Міна яго была незвычайна важная. Пазіраў ён крыху прыжмурыўшыся, як-бы ён толькі што занюхаў табакі і збіраўся чхнуць. Нягледзячы на тое, што ў канцылярыі было цёпла, пісар сядзеў у валёнках, бо меў у нагах раматус, і на твары яго адбіваліся адзнакі хваравітасці і сляды калісь вясёлага жыцця і п’янства, у якім пісар не меў сабе роўных у воласці. З гарэлкай ён ніколі не разлучаўся. У канцылярыі, у шафе сярод «гражданских и уголовных дел», стаяла бутэлька з «царскімі слязьмі», як называлі тады гарэлку, да якой часта прыкладаўся Пятро Восіпавіч і ў часы сваіх заняткаў у воласці. Праўда, такіх часоў у яго было не так-та многа, і ён прыходзіў сюды ў выпадках рэдкіх і важных; усю-ж работу па воласці вёў яго памочнік, Дубейка, які ўжо лічыўся кандыдатам на пісарскую пасаду. З гэтай прычыны Дубейка нёс сябе высока, насіў манішку і манкеты і лічыў сябе найпершым кавалерам; старанна прычэсаныя валасы і частае зазіранне ў люстэрка сведчылі аб тым, што і ў яго сэрцы засела завітанская паненка.

V

— Дазвольце пазнаёміць, — сказаў Саханюк, падводзячы калегу да пісара, — цельшынскі настаўнік.

— А! — прамовіў пісар, акінуўшы Лабановіча прыжмуранымі вачамі і падаў яму руку. — Прасвяшчаць,