Старонка:Na rostaniah 1.pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яна перш уважліва паглядзела на незнаёмага настаўніка, а потым сказала свайму настаўніку паляшуцкай гаворкай.

— Да вас, панычу, там маладыцы прышлы — лыст напысаць хочуць.

— А сала прынеслі?

— Ны відаю, панычыку.

— Выбачайце, — сказаў Саханюк да госця: — Я пайду адпраўлю гэтых маладзіц.

І Саханюк накіраваўся ў кухню. Старожка Матрона, яшчэ раз агледзеўшы госця, таксама пайшла туды. Ясна, хтось даў ёй наказ, як можна лепей разглядзець Лабановіча, каб навесці аб ім сталыя даведкі. І, як відаць, наказ гэты быў дадзены не так здалёку, бо, счакаўшы хвіліны дзве, Матрона матнулася праз вуліцу, маючы кірунак да кватэры пісара.

Застаўшыся адзін, Лабановіч акінуў вокам пакоік свайго калегі. Кватэра гэта была многа лепшая ад яго кватэры. Было відаць, што Саханюк жыў някепска, праседзеўшы ў гэтай школе гадоў пяць. І наогул, Саханюк быў чалавек практычнага складу. Нейкім чынам умудрыўся ён за гэтыя пяць год, атрымліваючы дваццаць рублёў пенсіі на месяц, сабраць капітал у пяць-шэсць соцень і меў сваю гаспадарку. «Жылаваты чалавек ты, браце! — падумаў Лабановіч: — Нават за напісанне ліста не саромеешся браць сала». На століку ляжалі школьныя журналы. Разгледзеўшы іх, Лабановіч прышоў да заключэння, што яго калега не так далёка адышоўся з вучнямі, і пераканаўся, што ў асобе Саханюка ён не будзе мець для сябе настаўніка, і тут-жа зазначыў, што супольнага між імі вельмі мала і што блізкімі сябрамі яны ніколі не будуць.

— Ну, цяпер я вольны, можам ісці, — сказаў увайшоўшы Саханюк і падышоў да люстэрка, паглядзеўся, падправіў рыжаватыя вусы, правёў рукой па шчоках, ці добра пабрыты, і прычапіў больш франтаваты гальштук. Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Таксама была ў яго яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а нейк скрадваў яго і казаў «й».