Старонка:Na rostaniah 1.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


везлі таго медзвядзёнка графу Патоцкаму. Дазвол далі Грыгору паляваць у графскіх лясах, яшчэ і пораху і шроту выдалі.

— А цяпер мядзведзяў тут няма?

— Не, няма: перавяліся. Туды далей, пад Татарку, сышлі, дзе месца глушэй і лесу болей, і дзе меней заглядае вока людское… Забараняць пачалі па лесе са стрэльбаю хадзіць, леснікоў паставілі, законы строгія пайшлі. Але і лес нішчыцца, і звер зводзіцца.

— А я чуў, што тут яшчэ многа зверыны?

— Ёсць, праўда, але хіба столькі, як даўней? Бабры тут калісь вадзіліся. Яшчэ і цяпер дзе-ні-дзе можна бачыць сляды іх будынін… На ўсё пайшоў звод, — з нейкай маркотай заключыў паляшук і змоўк, аб чымсі задумаўшыся.

— Так, дзядзька Сцяпан: жыццё не стаіць на месцы, і ўсё на свеце змяняецца. Вось у нас чыгунку правялі, заработкаў прыбавілася, гандаль шпарчэй пайшоў, новыя людзі з’явіліся. Яшчэ тры гады таму назад у вас і школкі не было, цяпер пабудавалі школу, вашы дзеці вучыцца будуць, граматнымі стануць, будуць кнігі, часопісы чытаць, навучацца, як лепей каля зямлі хадзіць, каб карысці з яе болей было, бо ўсё-ж паляпшэнне ў жыцці ад навукі ідзе. Пэўна, і вы, дзядзька Сцяпан, маеце дзетак, якіх трэба ў школцы вучыць?

— Ёсць Іван і Пятрук, самыя шкаляры, — уздыхнуў паляшук.

У яго адказе настаўнік пачуў нотку нездавальнення, што яго хлопцам прыходзіцца ў школу ісці.

Настаўнік з цікавасцю назіраў за палешуком. Яму падабалася паляшуцкая вопратка дзядзькі: чорная выцвіўшая суконная світка, пашытая да стану, шырокі ў чырвоныя палоскі даматканы пояс і шапка-кучомка свайго вырабу. Доўгія, як у папа, цёмнарусыя валасы, светла-шэрыя вочы, сярэдні рост, шырокія плечы, павольнасць руху і нейкая сур’ёзнасць выразу твару як не трэба лепей стасаваліся з агульным малюнкам палескай прыроды.

Дарога ўвесь час ішла лесам. Лес зрэдку разрываўся невялічкімі палянкамі, на некаторых рунела жыта, а па краях там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, што пыш-