Старонка:Na rostaniah 1.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

даўна асталяваліся тут і толькі што пераходзілі ад аднае формы жыцця да другой. Усе яны былі заўзятыя паляўнічыя, захопліваліся адным толькі выглядам стрэльбы і былі выдатнымі стральцамі. Сялян іншых вёсак, якія жылі больш пры палях, яны называлі палянамі і гэтым самым як-бы адрознівалі іх ад сябе, жыхароў лесу. А лесу і балот тут быў непачаты край. Сама вёска стаяла на невялічкай палянцы сярод лесу і хмызнякоў, і Лабановіч усе гэтыя дні чуў сябе як-бы чымся звязаным, як-бы на ім была надзета цесная адзежына, бо густыя сцены пушчы адусюль націскалі на гэту вёску, насядалі з пагрозай, нібы яна намервалася на парушэнне яго законных правоў. Край палянкі прарэзваўся чыгункай. Дарога ішла ля самай вёскі, захопліваючы нават адзін канец вуліцы. Зараз-жа за пераездам пачынаўся лес.

Нізкае сонца ледзь прабілася скрозь макушы лесу. Неба праяснялася, падыхаў усходні вецер; лёгкі марозік зацягаў лужынкі тонкай пялёнкай лёду. Вісеўшы ўсе гэтыя дні туман развеяўся, усюды пасвятлела і павесялела. Нават гэты пануры лес крыху праясніўся і меў больш прыветны выгляд.

- Го, падмарожваць пачало! - весела прамовіў паляшук Сцяпан Рылка і саскочыў з драбінак, выламаў лазіну і хвасянуў ёй свайго худога, але даволі шпаркага коніка.

- Эх, і лесу-ж у вас многа! - сказаў настаўнік, каб разгаварыцца з палешуком і пазнаёміцца з ім бліжэй.

- О, лесу ў нас многа! - пацвердзіў паляшук і павярнуў твар да настаўніка. - Гэта вось цяпер, як правялі тут чыгунку, яго пачалі зводзіць, а даўней лес зусім не такі быў. І звяр'я было многа. Каля нашай вёскі мядзведзі вадзіліся. Яшчэ бацька нашага старасты, ведаеш можа? - стары Грыгор, даўнейшага закалу чалавек! - жывога медзвядзёнка з лесу прынёс, ад мядзведзіцы адабраў!

- Як-жа гэта ён?

- А бог яго ведае. Смелы. Дый здаровы, як дуб. Дарма што яму цяпер семдзесят год, а як забушуе часам у хаце Раман, яго сын, стараста наш, то стары, бывае, не вытрымае, возьме яго на рукі, як хлапчанё, і зараз-жа ўціхамірыць, хоць Раман і не ўломак. Вось як! І за-