Старонка:Na rostaniah 1.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

13 ўладу справядліваю і законнаю. А яна, гэта смерць, кожны дзень ходзіць вакол, кожную хвіліну нішчыць і маладзенькія і старыя формы жыцця. І мы не зварачаем на гэта ўвагі, і толькі тады яна робіць моцнае ўражанне, калі ўмірае хто блізкі або калі наваліцца мор і людзі пачынаюць уміраць агулам. Тады чалавека ахоплівае жах, і ён губляе галаву. І вось што цікава. Калі парушаюцца драбязговыя правы, то чалавек гатоў грызціся за гэта і кусацца зубамі; там-жа, дзе разбіваецца сама аснова, прынцып, ён пакорна згінае сваю галаву і моўчкі падстаўляе яе пад абух.

— Цьфу! Якая гэта агіднасць! — думаў далей малады настаўнік: — Жывеш, складаеш планы, чагось шукаеш, чагось дабіваешся, спадзяешся, а прыдзе час — і ты будзеш труп, гніль, спажытак чарвей.

Гэтыя думкі парушылі спакой Лабановіча і пакінулі пачуванне нейкага нездавалення і непрыемнасці.

Ён звярцеў папяросу, стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Гэта яму крыху і ўдалося, бо Лабановіч быў хлопец крэпкі, моцна зросся з зямлёю і жыццём, любіў гэтае жыццё, на парозе якога ён стаяў і росквіт якога для яго толькі што зачынаўся.

— Чаму я пачаў думаць пра смерць? Скуль узялася гэта думка? — запытаў сябе Лабановіч і пачаў дашуквацца сувязі, якая павінна быць паміж думкаю аб смерці і тымі думкамі, што так ці іначай былі прычынаю яе ўзнікнення. Прыпомніўшы ўвесь ход сваіх разваг, настаўнік ніяк не мог знайсці гэтай сувязі, і гэта акалічнасць яго крыху здзівіла і зацікавіла.

— Я чагось не ўзяў пад увагу, нейкі вобраз ці думка проста зніклі з памяці і ад таго факт гэты мне здаецца крыху незразумелым і дзіўным, хоць наогул сказаўшы, на свеце нічога дзіўнага няма.

А гадзіннік на сцяне несупынна вёў сваю справу: размерна ківаўся хадун-маятнік і кожны свой крок адзначаў кароткім «так-так!», усё так-жа рыпеў перад тым, як прабіць, і ў свой час меладычна званіў.

Лабановіч патушыў лямпу.

Цемра і ціш напоўнілі маленькі пакойчык. З двара ў акно пазірала чорная ноч і завешанае густымі хмара-