Старонка:Na rostaniah 1.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- А ўжо і позна, - зазначыў сабе Лабановіч. Гадзіннік прабіў поўнач. Настаўнік перанёс лямпу ў другі, яшчэ меншы, пакоік, дзе стаяў яго просценькі дзервяны ложак, лёг у пасцелю і чытаў: "Зорныя светы і іх насельнікі".

Шырокі малюнак недасяжных светаў раскрываўся перад вачамі маладога настаўніка ва ўсёй сваёй таемнасці і бязмежнасці. І чым больш мысль захоплівалася гэтым чароўным малюнкам і гэтымі незлічонымі светамі, раскіданымі сярод бяздонных багнаў, такіх страшных, такіх павабных, - зямля і чалавек, пагардлівы гаспадар яе, рабіліся ўсё меней і меней значнымі, нікчэмнымі. Гэта бязмежнасць зацірала зямлю, і яна гублялася ў ёй, як малюсенечкая пылінка. А якім малазначным, непрыметным з'яўляўся чалавек, яго клопат, яго штодзённыя драбніцы жыцця! Новыя думкі і настроі ахінулі маладога настаўніка. Але гэтыя думкі ўмомант разляцеліся, як вераб'і, калі ў іх вясёлы гурток паляціць каменьчык, кінуты рукою якога-небудзь падшывальца-жэўжыка; страшны і непрыемны вобраз смерці бліснуў сярод гэтых думак маладога настаўніка і разагнаў іх. На адзін момант жыццё ў ім як-бы спынілася. Па яго целе прабегла дрыготка, бо гэты вобраз смерці вынік зусім неспадзявана.

- Я памру! - падумаў малады настаўнік: - Будзе такі час, калі я стану нежывым, трупам!

На кароткі міг ён як-бы адлучыўся ад сябе самога і зірнуў на сябе збоку, як старонні, другі чалавек, і жыва ўявіў сабе той момант, калі ён будзе нерухомым трупам.

- Фу! Як гэта прыкра і непрыемна! - падумаў Лабановіч. - А горай за ўсё гэта тое, што перад смерцю мы бездапаможныя і слабыя і не маем спосабу адхіліць яе ад сябе або хоць аддаліць час яе прыходу. Ад яе не адмолішся, ад яе не адкупішся нічым. Я памру. Маладым, пажылым ці старым, але факт той, што памру, бо я, як і ўсё на свеце, толькі што зарадзіўшыся для жыцця, ужо мае ў сабе адзнакі і пячаць смерці. І людзі звыкліся з гэтым, і нікому нават і ў галаву не прыходзіць выказаць свой пратэст проціў смерці і весці з ёю змаганне, як-бы ўжо даўно-даўно ўмовіліся прызнаць над сабою яе ўладу, лічыць гэту