Старонка:Na rostaniah 1.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вальнення дае нам яна! Бо прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе многалучныя напісы — хіба-ж гэта не ёсць шчасце? Адно толькі шкада, што наша жыццё несузмерна малое для таго, каб начытацца гэтай кнігай.

З такімі думкамі Лабановіч прыпыніўся каля акна. З двара пазірала цёмная, чорная ноч. Неба, абложанае нізкімі хмарамі, здавалася, усё цяжэй навісала над аголенай зямлёй. Непраглядны змрок і сыры туман спляліся густа-густа і як-бы глынулі гэтую закінутую між балот і лесу невялічкую вёску.

— Якая цемра! — жахнуўся малады настаўнік. Яму было прыемна пачуваць, што ён цяпер у гэтым цёплым і прытульным пакоіку, дзе прыветна і так многазначна гарыць лямпа пад белым абажурам, дзе ўсё так ціха і спакойна і нішто не перабівае думак. І тут-жа паспагадаў ён і тым падарожным, якім так ці іначай прыходзіцца ехаць або ісці ў гэты глухі час ночы па цёмных і гразкіх дарогах, праз брады і грэблі сярод лясоў і балот.

Лабановіч зноў падышоў да стала і ўзяўся за кнігу. Але думкі яго так разышліся, што ён мусіў загарнуць кнігу ды зноў стаў хадзіць па пакоіку і думаць.

Заўтра трэба будзе заказаць старасту фурманку і паехаць да воласці забраць школьныя прыналежнасці; трэба пазнаёміцца там з настаўнікам і параіцца з ім наконт розных пытанняў, звязаных са школай; трэба таксама зайсці і да бацюшкі і запрасіць яго прыехаць сюды адслужыць малебен перад адчыненнем заняткаў у школцы. Так, гэта трэба зрабіць, бо ўжо даўно час брацца за навучанне дзяцей. Праўда, яго назначылі сюды позна. Але адкладаць няма сэнсу, бо не здолее выпаўніць праграм.

Гадзіннік на сцяне рабіў сваю работу. Аднатонна і размерна гойдаўся маятнік у шкляной каморцы, як-бы вельмі здаволены сваёй працай, што і пацвярджаў кароткім «так-так!», «так-так!». Перад тым, як адбіць гадзіны, гадзіннік колькі хвілін трашчаў, рыпеў, як калодзежны журавель на марозе, і пасля такой прадмовы званіў прыемным металічным звонам.