Старонка:Moj dom 1946.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НАПЕРАД!

Грымяць многаспеўнасцю гукаў супольных,
Як гімн перамогі, вясной ручаі,
І мары аб сонцы струменяць гаі,
І тоіцца мудрасць у далечах вольных.

Ёсць чары-прывабы прастораў наддольных,
Што лучаць бязмежным блакітам краі,
Як родных яшчэ несабранай сям’і,
Каб дружба гучэла у песнях застольных.

І хто засумуе па новай радзіме?
Ці прыдзе вялікі той час і калі?
І як яго людскасць раскутая ўспрыме?

Праслаўлена будзе цудоўнае імя
Таго, хто рассуне граніцы зямлі
І мудрасцю праўды краіны абніме.

Рассыпаны зоры брыльянтавым пухам,
І Млечнага шляху ляжаць абрусы
Таемным акордам спрадвечнай красы,
Як водгулле змоўкшай даўно завірухі.