Старонка:Moj dom 1946.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НА РУІНАХ ПРОШЛАСЦІ

Праз пяць гадоў я зноў наведаў Вусце.
Прытулак дум, абраны мой куток,
Дзе высіцца Вусцянскі мой грудок
І вецер лёгенька гайдаецца на кусце.

Іду на груд павольнаю ступою,
Сумотна мне, бо я цяпер адзін.
Мне шмат чаго прыходзіць на ўспамін,
І нікну я паныла галавою.

Грудок усё-ж такі, як быў, прыветны,
Гваздзічка белая, чабор на ім,
Ды ўжо гляджу я поглядам другім,
Як дуб стары, астаўшыся бяздзетным.

Стаю, маўчу, мясціны аглядаю -
Змяніліся, і трудна іх пазнаць,
Дубоў маіх паменшылася раць,
Як і людзей у родным нашым краю.

Бязлюддзе, ціш. Высокаю травою
Вусцянскія сялібы зараслі.
Бярэзнічак заняўся на зямлі,
Атульвае разложыстую хвою.