Гэта старонка была вычытаная
Я ЖЫВУ
Вільготны змрок спаўзае на лугі
І гасне захаду журботная усмешка.
Паволі ноч у полагу смугі
Зямлі і неба засціць берагі
І туліцца ў траве знямелага узмежка.
Так боязна знікае краявід,
Хаваецца ў імгле пад наміткай цямранай.
Разложыстых дубоў шырокі шчыт
Маўклівасцю трывожна апавіт,
І вее парнасцю над стомленай палянай.
Прыцішыўся спалоханы абшар,
І толькі птушка дзесь скаголіць на балоце.
А з поўдзеня ўстае грамада хмар,
Паблісквае клубясты іх гушчар,
Гарыць і грозіцца ў агністай пазалоце.
Такі спакой вакол, і трудна мне
Адвесці зрок ад хмар, дзе ўспыхваюць зарніцы,
Як быццам там, у нейкім цёмным дне,
Хтось збудзіцца на міг, на свет зірне
Прываблівым узлётам таямніцы.