Старонка:Moj dom 1946.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МАЁЙ МАРУСІ

Наплыў туман. Зямля ў імгле,
І неба звісла ў мутным дыме,
Сумуеш, дружа мой? Але!
Ну, што-ж? І твой сум неба прыме.

Яны — і неба і зямля —
Засумавалі, можа, самі,
А ты, як дрэва без галля,
Уторыш ім іх галасамі.

Я не спрачаюся, маўчу,
Ды толькі ведаю адно я:
Што пасвятлее ў іх ваччу,
І сонца радасць іх адновіць.

А я, мой дружа, што скажу?
Калі жыва будзе Маруся,
Я выйду ў поле на мяжу,
Зямлі і небу пакланюся.

31/III — 1945 г.