Старонка:Moj dom 1946.pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ох, родны мой! Без часу выбіт ты
З юначае шчаслівае пуціны.
Праклят-жа будзь, пасланнік ліхаты,
Спустошыўшы зямлю мае айчыны!

Напружана плывуць за днямі дні,
Нявідна ткуць нязнаную быліну.
Ці ўбачым мы прыветныя агні
І мірную ўваскрэсшую краіну?

Мой верны друг! Прайшлі мы бок-а-бок
Крывых дарог-пуцін ужо нямала.
Канчаецца наш шлях, наш вечар недалёк,
І ноч нам тчэ густое пакрывала.

На схіле дзён я мару аб адным:
Узыйсці з табой на нашы гоні, долы,
Зямлі сваёй усім нутром зямным
Паклон аддаць, схіліўшы нізка чола.

19/VII-1942