Старонка:Moj dom 1946.pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У хвалях няспыннага руху
Ідзе-плыве час
Нячутна для нашага слуху,
Нябачна для нас.

І мы з ім, як хвалі, дыбаем,
Праводзім свой шлях,
А далеч расквечаным маем
Стаіць у вачах.

І шмат нам дароў яна суліць,
Чароўных, як сон.
Нас вабіць, і горне, і туліць
Дарога-разгон.

Яшчэ ў дні маленства лятункі
Авейваюць нас,
Прыгожыя пішуць рысункі,
Вянкі ўюць украс.

У нашай дарозе мы стрэнем
Не мала прыгод,
І сонцам мы пройдзем і ценем
Пад гоман грымот.