Старонка:Moj dom 1946.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НА ЗАХАДЗЕ СОНЦА

Схіляецца дзень к падвячорку.
Ў зняменні стаяць тапалі
І слухаюць песню-гаворку
Арыкаў ташкенцкай зямлі.

А колькі іх тут, і не злічыш,
І мера не мерана ім.
Двор кожны і кут маляўнічы
Ім рады, як дзецям сваім.

Скрозь сетку лісцвянай адзежы
Паказвае сонца свой твар,
А я пазіраю на межы,
Дзе захаду грае пажар.

У спёртым паветры заслонай
Звісае над горадам пыл,
А захад празрыста-чырвоны,
Не жывіць ён хмар — няма сіл.

Сухое узбекскае неба,
Скупое на дождж і на гром,
І цешыцца марна не трэба,
Што новы дзень прыдзе з дажджом.