Старонка:Moj dom 1946.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МОЙ ДОМ

Між ніў дарожкаю сляпою
Іду я мернаю ступою
І разглядаюся кругом.
Пад ясна-сіняю страхою
Чыеюсь дбалаю рукою
Збудован мне прасторны дом.

Утульна ў ім, дабра ў ім поўна,
І ўсюды мудрасці бязмоўнай
Відна спрадвечная пячаць.
На ветравеях, нібы воўна,
Плывуць хмурынкі так чароўна.
Чаго плывуць? куды? — маўчаць.

Унь там рачулка срэбрам літым
Бяжыць па жолабе размытым
І цэлы свет жыцця нясе.
А луг зялёным аксамітам,
Вянкамі кветак апавіты,
Разлёгся ў роскашы-красе.

Дубы, сябры мае самоты,
У высі неба мкнуць узлёты,
Сукі раскінуўшы вакол.
А колькі згоды і пяшчоты
У тых пясках, што пазалотай
Ускрай баркоу ляглі на дол.