Шушукала зрэдку аб нейкіх навінах,
Шушукне, ды зноў заціхае.
А хмары клубяцца, за лавамі лавы, —
У небе ім робіцца цесна.
Пануры іх колер і від неласкавы,
Зліваюцца ў глыбы клубоў кучаравых,
З-за лесу выходзяць злавесна.
Паўзуць яны звольна, ў развазе суровай,
Суцэльную цягнуць тканіну,
Бы з намыслам нейкім, з нядобраю змовай
І мрок апускаюць над лесам, дубровай,
І сцелюць смугу на даліну.
І вось дзесь далёка, нібы над зямлёю,
Глухія загухкалі громы.
Струменні маланак адна за другою
Махаюць у хмарах шырокай касою
І вычварна крэсляць заломы.
Трывожная ціша прыцята зняменнем
Травінка і лісцік застылі.
Стаілася ў страсе жывое стварэнне:
Мурашкі залазяць у схоў сутарэння
І ходы ў мурашнік закрылі.
І раптам, што тыгра, зрываецца вецер,
Умомант мяняе натуру,
Рве жоўклае лісце з макушак і з вецця
І круціць, і верціць, і гоніць, як смецце,
І пыл, быццам воблака, круціць.
Старонка:Moj dom 1946.pdf/49
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Старонка праверана
