Старонка:Moj dom 1946.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гэта старонка была вычытаная

У ЛЕСЕ

Люблю я лес, адвечны бор,
Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі,
Дзе рассцілаюць елі лапкі
І востры пах мкнуць у прастор.

Заўсёды ў лесе добра мне:
У ім так ціха, урачыста,
Калі прытоіцца ўсё чыста,
І ветрык нават не дыхне.

І дуб-крапак і куст малы
Стаяць у мудрым задуменні,
А сосны сочаць і струменяць
Густы, духмяны пах смалы.

Замлее лес — такая ціш,
І толькі пчолы струнным звонам
Гудуць працяглым роўным тонам
Ды прашмыгне лясная мыш.

А як прыгожы ў час вясны
Бярозак першыя уборы,
Калі яны па касагорах
У сонцы мараць свае сны!