Перайсці да зместу

Старонка:Moj dom 1946.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

УСХОД СОНЦА

На усходзе неба грае
Пераліўным блескам,
Сыпле золата над гаем
І над пералескам.

Чуць-чуць дрогне, праліецца
Чырвань на усходзе -
Гэта неба усмехнецца
Людзям і прыродзе.

Смех адказны, смех шчаслівы
Ходзіць па пагорках.
Час світання — час жычлівы...
Гаснуць, нікнуць зоркі.

Шырай, шырай зараніца
Разнімае крылле,
Нібы пожар б’е крыніцай
Там, на небасхіле.

Сноп праменняў, пышна ўзняты,
Сее бляск-чырвонцы -
Гэта неба сцеле шаты
На дарогу сонцу.