Старонка:Moj dom 1946.pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гляджу я на іх, нібы на знаёмых,
Ды далей мкну хутка па мяккаму груду.
Прыходжу на Свіслач, раскручваю вуду
На злосць і на зайздрасць рыбацкаму люду -
Рыбак рыбака не любіць, вядома.

А Свіслач жыве, бяжыць неўгамонна,
Разлёгшыся ў травах, у выспах пясчаных.
А колер - то цёмны, то светла-румяны -
Ад яснага неба, ад чыстай паляны,
Ад дрэў і кустоў, ад ценяў бяздонных.

Насупраць - Кручок, куток маляўнічы.
Там буйна буяюць кусты зеляніны
Абапал заглухлай старой азярыны,
Дзе раніцай голас звініць салаўіны,
Дзе многа звяркоў і рознае дзічы.

Мне ўсё тут знаёма: і Балачанка -
Яна тут у Свіслач якраз упадае, -
І зарасляў-хмызу града маладая,
і блужскае поле, і пустка глухая,
І тыя груды, і тая палянка.

Я чую - з Вусця даносяцца гукі:
Пявун заспявае, - адлічыць часінкі,
І смех бестурботны дзятвы ля адрынкі,
І крык распачлівы плаксівай дзяўчынкі,
Рып студні, сякеры мерныя стукі.

Успомню любоўна убогія хаткі,
І груд мой вусцянскі, і бераг зялёны,
Дзе гнуткія лозы б'юць рэчцы паклоны.
Я знаю вусцянцаў і ўсе іх імёны -
Язэп Рымашэўскі, Жук і тры Дзяткі.