Старонка:Moj dom 1946.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ружовыя хмаркі згортваюць шоўкі, —
Відаць, каб на сонцы яны не злінялі, —
А росы на травах блішчаць, бы каралі.
Спакой урачысты захоўваюць далі,
Птушыныя ловяць песні-размоўкі.

Як слаўна, як хораша ў летняе ранне,
Калі атрасаюць сон ціхія гоні,
Дзе жыта пачціва калосікі клоніць,
А дымка туману кладзецца на тоні,
І луг ажывае у поўным убранні!

Выходжу на луг, на Свіслач шыбую
Ды з вудамі, з хлебам, з чарвямі і босы.
Мне ногі змываюць крыштальныя росы.
Я моўчкі вітаю дзень многагалосы,
Дубоў грамаду, красу лугавую.

І многа-ж іх тут! І ўсе як магнаты, —
Глядзяць станавіта, важнецкага роду,
І кожны захоўвае чын свой і моду:
Адзін, дуплянаты, плашч звесіў на воду,
Другі, як тогу, разгортвае шаты.

А той небарака, век дажывае:
Стаіць палыселы, няма на ім кроны:
Самотны, журботны і ўвесь задумлёны.
Ляцяць к яму нанач у госці вароны,
Бусліца-ўдава падчас завітае.

Мне сумна стане, і я неўзаметкі
Гадаю аб лёсе стварэння жывога, —
Як доўга працягне ён, гэты нябога?
І мне засталося самому як многа
Таптаць гэты дол, лясы і палеткі?