Струменіцца цяплынь з лясоў, з далін
І тонкая смуга свой лёгкі тын
За Свіслаччу стаўляе над палямі.
Жыве, дрыжыць, хвалюецца прастор,
І кожнае стварэнне робіць штосьці:
Капошацца мурашкі каля нор,
Дзе коўрыкі развешвае чабор
Ды пчол к сабе заваблівае ў госці.
Пад горкаю, бы срэбраны равок,
Паблісквае на сонцы Балачанка.
І хіліць так утульны беражок,
Так добра там, прылёгшы на пясок,
Папесціцца ружовым летнім ранкам!
Як волаты, за рэчкаю дубы
Шатры свае раскінулі над долам.
Зірнеш на іх - гвардзеец з іх любы!
А гордыя вяршаліны-чубы
Не кланяюцца непагадзі чолам.
За Балачанкаю, дзе Блужскі бор
Вясёлую пазіцыю займае,
Адна сасна вартуе касагор,
Над хвойнікам схіліўшы свой убор,
Бо тоіць сум, журбу ў сабе старая.
Нацягнутыя струны цішыні
Разносяць звон крылатага стварэння.
А вось матор загуў у глыбіні
Блакітнага прастору: нашы дні
У сонечным купаюцца праменні.
Старонка:Moj dom 1946.pdf/19
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
Гэта старонка была вычытаная
