Старонка:Moj dom 1946.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВУСЦЕ

Я зноў жыву ад горада ўдалі,
Дзе я знайшоў куток у сваім гусце.
І весела мне робіцца, калі
Я ў мыслях зноў прайдуся па зямлі,
Дзе туліцца закінутае Вусце.

Няхай сабе пясчаны гэты кут,
Няхай няма ў ім роскашы паўднёвай,
Ды мілы ён, прыветны яго люд,
Так ласкава глядзяць узгоркі, груд
У вопратках расліны адмысловай.

А гэтыя бародкі-хвайнякі
І жоўць пяскоў на сонечным угрэве!
У летнія гарачыя дзянькі
Смалісты пах разносіцца такі,
Што п’еш яго у ветравым павеве.

Якія там чароўныя лясы
З дарожкамі і сцежкамі між сосен!
І колькі ў іх спакою і красы!
І колькі там наткалі верасы,
Гваздзіка белая дыванаў сваіх, кросен!

Прыпынішся, у зацішку адзін.
Ваколіцы акідваеш вачамі.