Старонка:Moj dom 1946.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НОЧ ПАД НОВЫ ГОД

Замкнула зямля свой яшчэ адзін круг,
Другі зачынае.
Маўчыць непрытульна заснежаны луг
І пушча лясная.
Мігаюць далёкія зоры ўгары,
Як чыстыя росы,
І ходзіць паважна мароз па бары
Злы, белавалосы.
Глядзіць неласкава скляпенне нябёс
На скутую землю.
І Млечнага шляху паблеклы пракос
У холадзе дрэмле.
У гэтым змярцвенні начной цішыні
Год новы вітаю.
— Якою пуцінай вы пойдзеце, дні? -
Я моўчкі пытаю.
Маўчыць неабсяжны прастор-глыбіня
Без берагу-краю.
Маўчыць з ім і постаць наступнага дня,
І я замаўкаю.

31/XII — 1937