Старонка:Moj dom 1946.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧУВАЦЬ ВЯСНА

Не сышлі яшчэ з нізіны
Роспісы зімы,
Скуты холадам даліны,
Луг ляжыць нямы.

Але зрок нябёс яснее,
Больш і больш святла,
Жыватворчая надзея
Зямлю абняла.

Белы пух атрэслі з шапак
Хвойнікі, ляскі,
А іх зацішкі, як запек,
Туляць дол, пяскі.

Лашчыць сонца твар узгоркаў,
Сушыць след іх слёз,
Што струменяцца разоркай
Да знямелых лоз.

Па-над лесам ходзіць шолам —
Хмельны зоў вясны,
І разліты навакола
Жыцця мары-сны.