Старонка:Moj dom 1946.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была правераная


У колавароце няспыннага руху,
У сонцавым ззянні, у блеску расы, —
Усюды разліты жыцця галасы,
І многа ў іх сэнсу для чуткага слуху.

Раджаюцца, гаснуць заранкі і ночы,
Мяняюцца ходы прыліваў і рэк,
І ў часах губляецца голас прарочы.

Азначан для кожнай істоты свой век.
Жыццё-ж безупынна ўсё крочыць і крочыць,
А разам з ім вечны юнак-чалавек.

Наперад, вандроўнік! А шлях так багаты:
Якія разлогі навокал, зірні!
Усходняе сонца запаліць агні,
Рассее праменні, як сейбіт зярняты.

Сустрэнецца вецер з табою крылаты,
І гром табе голас падасць з вышыні,
Пачуеш ты скаргі і сум цішыні,
Ты праўду пазнаеш у мроку зацятым.

Вітай-жа дарогі і новыя далі,
І вечнага ругу святыя скрыжалі,
І юнасць людскую, і мудрае слова,

І ясную радасць дабра, перамог,
І гэты шырокі, чароўны разлог,
Дзе заўжды прыгожа ўсё, молада, нова.

8/IV-1937 г.