Старонка:Maryja.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ды плача праведная маці,
Калыску тую плетучы.
Знайшоў і Ёсіф зноў работу -
Будуе хатку ён з чароту,
Каб мець прытулак уначы.
З-за Нілу сфінсы, як сычы,
Страшнымі мёртвымі вачыма
Глядзяць на гэта. А за імі
На спаленым пяску стаяць
Па шнуру піраміды ў рад,
Як тая варта фараонаў.
І фараонам даюць знаць,
Што праўда божага закону
Ужо ўзыходзіць на зямлі,
Каб асцярожнымі былі.

Марыя нанялася прасці
У копта воўну, а стары
Авец узяўся стадка пасвіць,
Каб зноў казу сабе нажыць
На малако малому сыну.
Мінае год. Каля хаціны
Паветкі ціхія куты,
Дзе бондар праведны святы
Ніякіх помыслаў не мае,
Барыла й бочкі набівае
Ды штось мурмукае. А ты?
Не плачаш ты і не спяваеш,
Гадаеш, думаеш, гадаеш,
Як навучыць, як навясці
На троп святы святога сына
І як ад ліха упасці,
Ад бур жыццёвых адвясці.

Зноў год мінуў. Каля хаціны
Каза пасецца, а хлапчына
З малым вясёлым казянём
У сенцах бавіцца. А маці
Сядзіць на прызбе або ў хаце
Ды воўну тонкую прадзе,
Аж вось і сам стары ідзе