Старонка:Lucyna.Z kryvavych dzion.djvu/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

міжволі выстраліў: куля праляцела міма астатніх таварышаў, нікога, на шчасце, не зачапіўшы.

Затым Канапацкі, які ведаў, што ў Сляпянцы ў памешчыка маецца восем дубальтовак, вырашыў забраць іх. Уся група, ідучы па двое ў шарэнзе, накіравалася да маёнтка. Тут насустрач выйшаў афіцыяліст Булгак і прывітаў лаянкай і пагрозамі, але неўзабаве падышоў сам гаспадар і, даведаўшыся аб жаданні паўстанцаў, сказаў:

— Добра, панове, аддам вам зброю, але папярэдне мусіце выдаць мне распіску на яе.

Выканаўшы пастаўленую ўмову, група з новым запасам зброі рушыла каля васьмі вечара далей па маскоўскім тракце. Камандзір загадаў некалькім таварышам наблізіцца да горада і забраць з сабою тых, хто на зборы, можа, спазніўся і не знайшоў нікога. Моўчкі партызаны пайшлі далей, імкнучыся да галоўнай групы пад камандаваннем Ляскоўскага.

Ноч была ціхая, пахмурная, зрэдку імжэў дробны дожджык. Паўстанцы ішлі адным за адным, прадзіраючыся праз густы зараснік. Глухая начная цішыня парушалася трэскам сухіх галінак пад нагамі і водгукам сігналаў царскага войска, што даносіліся з горада. Праз нейкі час паўстанцкі атрад выйшаў на гасцінец, і тут яму было дазволена крыху адпачыць. Партызаны тут жа расселіся на траве, прыслухоўваючыся да гарадскіх гукаў. Вакол было ціха, адзінока, дзіка; нейкія панурыя, змрочныя думкі агарнулі душы, і толькі надзея блізкай бітвы за незалежнасць айчыны надавала трохі бадзёрасці. Праз хвілю рушылі далей. Паўстанцы пасоўваліся па гасцінцы, а за імі зводдаль чутны быў тупат і ржанне коней і нейкія невыразныя шумы - гэта спяшалася царскае войска. Тады, каб збіць з тропу пагоню, камандзір загадаў затрымацца і размясціцца каля лесу, каб у выпадку нападу спадручней было абараняцца, некалькіх жа паслаў у карчму па ваду.

Прынеслі каля пяцідзесяці вёдзер вады, якую тут жа вылівалі на зямлю. Карчмар, бачачы гэтае бесперапыннае нашэнне вёдзер, нясмела спытаў:

— Што вы, ясныя панове, робіце з гэтаю вадою?

— Яна патрэбна, каб напаіць людзей і коней.

— То, відаць, вельмі многа тут вас?

— Каля тысячы, — быў адказ.

Тым часам Канапацкі загадаў сваім падначаленым выстраіцца ў доўгую лінію на адлегласці ў некалькі крокаў адзін ад аднаго і час ад часу паліць запалкі. Цігель гэты павёў сябе выдатна, бо калі партызаны праз чвэрць гадзіны адышлі і неўзабаве з’явіліся салдаты, то перапалоханы карчмар расказаў