Старонка:Lucyna.Z kryvavych dzion.djvu/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

153 узносіліся нібы вогненныя слупы, сягаючы да зеніту. Гэтыя слупы, змяняючы колер, праходзячы ўсе асаблівасці ружовага, фіялетавага і вішнёвага колеру, утваралі пры паўднёвым святле чароўны малюнак, з прыгажосцю якога нішто не магло зраўняцца. Тады ў народзе распаўсюдзілася думка, што гэтая з’ява прадказвае крывавую вайну або іншую бітву, якая хутка павінна наступіць. Далей зіма была мяккая, снегу амаль не было, і вясна раней, чым звычайна, укрыла палі і лясы зелянінай.

Мінскае ваяводства мела свайго ваяводу ў асобе пана Пялікшы[1], вясковага землеўладальніка. Упаўнаважаныя Нацыянальнага камітэта прыслалі на яго рукі нелегальную адозву да жыхароў Мінскага ваяводства, прызначаючы дзейснае выступленне на першае мая паводле новага стылю. З тых, хто абяцаў прыняць удзел у паўстанні, былі абраны так званыя дзесятнікі, кожны з якіх абвясціў сваім падначаленым, каб у прызначаны дзень былі гатовыя да выступлення, і прыняў ад іх прысягу вернасці. Якісьці незвычайны і ліхаманкавы запал авалодаў галовамі і сэрцамі. Першага мая ўжо з самай раніцы асобныя людзі выбіраліся за межы горада, кіруючы да месца збору за цвінтаром Залатагорскім. І хоць паліцыя была чуйнай, яны ўмелі пракрасціся незаўважна, і каля шостай гадзіны вечара пяцьдзесят тры паўстанцы сабраліся за Залатою горкаю. На чале гэтай малой групы, значную частку якой складалі навучэнцы гімназіі, стаў Канапацкі. Яго заданнем было, пазбягаючы, наколькі магчыма, сутычак з непрыяцелем, прывесці сваю групу з Мінска ў павет Ігуменскі, каб там злучыцца з Станславам Ляскоўскім, афіцэрам генаральнага штаба расійскіх войск, які на першы заклік да бітвы стаў у шэрагі адданых сыноў радзімы, здольных кожную хвіліну, абараняючы яе, праліць сваю кроў.

З трапяткімі сэрцамі, з галовамі, поўнымі мараў аб гераічных учынках, да здзяйснення якіх кожны адчуваў сябе гатовым, мінскія партызаны рушылі з сваім тагачасным камандзірам Канапацкім. У лесе, што належаў маёнтку Сляпянкі, паўстанцы знайшлі воз з харчамі і зброяй, якая складалася з стрэльбаў, пісталетаў і шабляў. Камандзір адразу ж падзяліў зброю паміж паўстанцамі, дадаючы кожнаму па дзесяць набояў. Без малога пачатак паходу не скончыўся трагічна. Адзін з паўстанцаў, не ўмеючы карыстацца агнястрэльнай зброяй,

  1. Пялікша пасля паўстання эміграваў у Аўстрыю, затым — у Турцыю, дзе закончыў жыццё. Яго добрыя землі былі канфіскаваны і перададзены служаку Лучынскаму, які і цяпер жыве ў Горках і з’яўляецца суддзёю.