Старонка:Lucyna.Z kryvavych dzion.djvu/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

заклік: у бой! Так прамінула тры месяцы чакання і няпэўнасці.

Пад той час шляхам збораў была адчынена польская чытальня, у якой, акрамя кніг, меліся ўсе дазволеныя ўрадам часопісы. Грамадства гарнулася да чытальні, расхоплівала газеты і тэлеграмы, сачыла за ходам нацыянальнай справы. Вельмі многа рускіх, напрыклад Захараў, Кукін і іншыя, прынялі чынны ўдзел у прадпаўстанцкім руху. Дзякуючы свайму паходжанню яны лягчэй маглі даступіцца да ўлад і ўстаноў, даведваліся аб розных патрэбных дэталях і перадавалі іх сваім прыяцелям-палякам. Усе яны пасля прынялі дзейсны ўдзел у партызанскай вайне і пагінулі ў снягах Сібіры.

Набліжаючыся да апісання падзей у Мінскай губерні я вымушаны яшчэ напачатку прывесці эпізод, які зрабіў на ўсіх жыхароў балючае ўражанне. У маі 1863 года афіцэр Міхал Цюндзявіцкі, якога Нацыянальны камітэт прызначыў начальнікам аднаго з аддзелаў, прыехаў з Пецярбурга ў ваколіцы Барысава да сваіх родных і пачаў пашыраць паўстанчую прапаганду. Неўзабаве яго схапілі і прывезлі ў Мінск, дзе на тагачаснай Вайсковай плошчы, а цяперашняй Пецярбургскай вуліцы яго расстралялі[1]. Цела яго было пахавана на месцы расправы. Заліўшы яго вапнай, паставілі варту, баяліся, каб насельніцтва не адграбло астанкі пакутніка за радзіму.

II

Паўночнае ззянне і прадказанні. Арганізацыя. Паход уначы. Карчма ў лесе. Прадбачлівасць. Юхнаўка. Паштовыя брычкі. Вечар пад Смалявічамі. Пераправа праз балоты. Салдацкі пікет. Начоўка ў лесе. Рака Пліса і міраж. Пуцічола. Нарада. Касцеша.

Апошнія месяцы 1862 года адзначыліся некалькімі незвычайнымі аптычнымі з'явамі. Час ад часу на небе паказваліся падвойныя сонцы, месяцы, затым пасля надзвычай моцных маразоў, якія даходзілі да 30-ці градусаў паводле Рэамюра і трымаліся праз цэлы месяц, ад 13 лістапада да 14 снежня, ноччу 14 снежня заяснела прыгожае паўночнае ззянне, якога ў нашых ваколіцах самыя старыя людзі не памяталі. З'ява гэтая багаццем і разнастайнасцю колераў пераўзыходзіла ўсякія іншыя. Ад паўавальнага светлага воблака па-над даляглядам

  1. На месцы, дзе пахавалі Цюндзявіцкага, цяпер стаіць дом Кніжнікава.