Старонка:Lucyna.Z kryvavych dzion.djvu/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кожны дзень яшчэ можа нам прынесці новыя адкрыцці на гэтай ніве. Агульная аснова паўстання трапна і з добрым намерам аўтараў была занатавана. Што да адзінкавых здарэнняў, многія з якіх яшчэ ляжаць у імгле забыцця, бо мы не маем амаль ніякіх падрабязнасцяў пра паўстанне ў некаторых ваколіцах Літвы, Валыні і Украіны, то калі б кожны з удзельнікаў нацыянальнай барацьбы 1863 года захацеў паводле магчымасці апісаць убачаныя ім самім эпізоды партызанскай вайны, прагалы і недакладнасці, што знаходзяцца ў папярэдніх манаграфіях, пачалі б запаўняцца. З такіх толькі на першы погляд паасобных старонак магла б паўстаць пад рукою здольнага гісторыка вычарпальная кніга гісторыі паўстання. Натуральна, што самай галоўнай і неабходнай умовай такіх меншых апісанняў павінна быць шчырая любасць да радзімы і цяга да праўды ў апісанні падзей. Што далучэнне па магчымасці да высвятлення ходу нацыянальнай барацьбы з’яўляецца абавязкам кожнага сумленнага грамадзяніна краю, гэтага ніхто не здолее аспрэчыць. Кіруючыся жаданнем выканаць гэты абавязак, я асмельваюся паказаць землякам гэтую маю працу, у якой намерыўся апісаць паход на Міншчыне пад кіраўніцтвам Баляслава Свентарэцкага і Станіслава Ляскоўскага, афіцэра генеральнага штаба расійскіх войск. Уе гэтыя партызанскія падзеі адбываліся ў Ігуменскім павеце. Спадзяюся, шаноўныя чытачы не будуць на мяне ў крыўдзе, што непасрэднае апісанне паўстання 1863 года на Міншчыне я падаў пасля замалёўкі падзей, якія папярэднічалі яму, а закончыў расказам пра сучасныя, вельмі сумныя на Літве стасункі.

Пісаў у Кракаве дня 8 жніўня 1889

I

Заступленне на трон Аляксандра II і яго рэформа. Цар у Мінску. Прыём. Уплыў італьянскага паўстання на моладзь. Вызваленне сялян. Абранне маршалка шляхты. Групоўкі і дэмакратыя. Варшаўскія падзеі выклікаюць хваляванне жыхароў Мінска. Першы этап вязняў. Ноч 3 чэрвеня. Памятка уніі. Рух на Падляшшы. Чытальня. Міхал Цюндзявіцкі.

У 1858 годзе расійскі трон заняў Аляксандр II. Пачатак свайго царавання ён адзначыў у Варшаве вядомымі словамі: «Ніякіх мар!» — якімі, несумненна, хацеў пазбавіць палякаў надзеі на якое-небудзь палепшанне лёсу. Тым не менш ён зрабіў пэўныя льготы ў іх тагачасным становішчы, бо дазволіў выгнанцам вярнуцца на радзіму, заснаваць медыцынскі фа-