Старонка:Lucyna.Z kryvavych dzion.djvu/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кі вырашыў абысці яго здалёк, але паколькі выпадала праходзіць па адкрытай раўніне, дзе іх лёгка можна было заўважыць, то дачакаліся змроку. Паўстанцы ўселіся на невялікай паляне між кустоў ядлоўцу і гадзіны дзве адпачывалі. Вечар быў ціхі, цёплы, лёгкі подых ветру прыносіў з сабою водар маладой лістоты дрэў, з па-над свежа завораных палёў далятаў спеў жаўрука, дзесьці ў глыбіні лесу разлягаўся адрывісты голас зязюлі. Паўстанцы з цікавасцю прыслухоўваліся да яе, пытаючыся, колькі гадоў яна прызначае жыць кожнаму. Паволі сонца пачало апускацца за гарызонт, абліваючы чырвоным святлом зялёныя верхавін дрэў, па небе плылі лёгкія празрыстыя аблачынкі, пафарбаваныя чырванню пераламаных промняў. Неба пачало паступова шарэць, і на яго фоне былі відаць цёмныя доўгія постаці дрэў. Аціх спеў дзённых птушак, затое ўдалечыні ў гушчары чароўна загучаў пошчак салаўя.

Кады ўжо зусім сцямнела, паўстанцы рушылі ў дарогу, брыдучы па калена ў багне і дрыжучы ад холаду. Многія думалі, што захварэюць, але, на шчасце, непрыемная гэта пераправа нікому не прычыніла шкоды. Перайшоўшы балота, група ўладкавалася каля лесу. Усе наракалі на холад і, забыўшыся пра асцярожнасць, як мага назбіралі гучкоў і развялі вогнішча. Водбліск яго, відаць, быў заўважаны ў Смалявічах, бо незабаве ў мястэчку пачуўся стрэл з карабіна, што было сігналам для войска. Вогнішча адразу ж было патушана, і група пайшла далей. Праз паўгадзіны паходу затрымаліся каля багны на малой палянцы, пакрытай дробным ляском. Партызаны пачалі прыслухоўвацца да галасоў, што даходзілі з мястэчка. Вакол жа панавала глухая цішыня. Надзея пазбегнуць бітвы, добрага выніку якой цяжка было чакаць, зацеплілася ў сэрцах, але хутка пераканаліся, што была яна вельмі здрадлівай. Салдаты моўчкі пасоўваліся гасцінцам, партызаны стаялі збоку на адлегласці ў паўтары вярсты і, напэўна, былі б заспетыя знянацку, калі б адзін з іх не згледзеў здалёк, што хтосьці, напэўна, афіцэр, прыкурваў цыгару.

- Увага, панове, - паведаміў ён прыглушаным голасам, - перад намі салдаты! Там, на гасцінцы, я бачыў агонь ад запалкі. Гэта яны!

І сапраўды, праз колькі хвілін пачуўся тупат коней, накіраваных у бок, дзе схаваліся партызаны.

- Нас заціскаюць! - раздаўся голас.

І ўсе па камандзе збегліся да балота і прыпалі да зямлі. Хутка пад'ехалі конна некалькі дзесяткаў казакаў, а на вазах узброеныя салдаты. Паўстанцы спачатку хацелі адкрыць агонь, але ўстрымаліся, бо весці адкрыты бой такімі малымі