Старонка:Kryviec Siarhiej.Dubok.djvu/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Урывак з незакончанай паэмы

***

3 неба льюцца перазвоны —
Песні звонкія вясны.
На павораныя нівы,
На шнурочкі, на загоны
Льюцца з неба пералівы,
Залатыя сыплюць сны.
Пахнуць свежыя барозны,
Вее ў сэрца шырынёй.
Выйдзі, брат, пакуль не позна
Ў поле з моўнаю сяўнёй!
Засявай з шырокай жмені
Свой вузкі шнурок-загон!
Золак кіне свае цені
На паверхню баразён,
Заруніць твая палоска,
I пачне з зарніцы блёскам
Буйны колас наліваць.
Пройдзе лета, пройдзе восень,
Прыйдзе лютая зіма,—
Хлеба дзетанькі папросяць,
Ты не скажаш ім — няма!
Але пойдзеш да каморы,
Бохан хлеба прынясеш.
Хлеб на полцы — няма гора,
Зубы ёсць — сядай і еж.

24