Старонка:Kryviec Siarhiej.Dubok.djvu/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Між разораў

Нешта коціцца па полі,
Нешта скача цераз межы
I лажыцца між разораў,
Затаіўшы дух.

Ці туга па лепшай долі?
Ці мо подых ветру свежы
Коціць хваляю ад бору,
Ці то новы зрух?

Як ля снуйніцаў, навітых
Тонкай пражаю, дзяўчаткі,
Ходзяць важныя сяўбіты,
Рассыпаючы зярняткі,
I снуюць, снуюць...

Гоман коціцца па полі,
Гоман скача цераз межы
I ўжо будзіцца з разораў
Новы зрух.

— Нацярпеліся, даволі! —
Хтось сказаў, відаць, не
здзержаў.
Голас бразнуў, быццам горам
Порваны ланцуг.

23