Старонка:Kryviec Siarhiej.Dubok.djvu/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З асенніх матываў

Ой, не хмара градавая
Ў полі ніўку косіць,—
Секвестратар за падаткі
Нечы пот выносіць.

Ой, не вецер гэтак стогне
За гарой ў лагчыне,
Не зязюлька так заводзіць
Па сваёй судзьбіне,—

Гэта скарга б’е пад неба
Роднае краіны,
Гэта ные галасочак
Маладой дзяўчыны:

— А ці я таго чакала,
Ці я варажыла?
Колькі сілы, колькі працы
Я сюды ўлажыла.

Я ж сама лянок палола,
Сама яго рвала,
Рассцілала і сушыла,
У снапкі вязала.

Я ж сама яго ў крынічнай
Вадзіцы мачыла,—
Ці ж не гэтак мяне змалку
Матуля вучыла?

18