Старонка:Krok za krokam 1925.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВАСІЛЬ ЧУРЫЛА

(Апавяданьне з жыцьця лясьнікоў)

I

Лес шумеў неяк вельмі нудна.

Лес рэдка калі маўчыць.

Прывычнае вуха лавіла ў ім галасы, але ніхто яшчэ ня ўнікнуў у тайну яго мовы; толькі сэрца смутна адгадвае ў ім нуду і трывогу.

Касматыя яловыя вяршыны трасьліся, як у шалёным танцы. Лапы то падымаліся, то апускаліся, як-бы лавілі нявіднага ворага, які не даваў спакою і прымушаў трасьціся лес.

Лес шумеў. Смутна шумеў стары лес.

З краю лесу стаяла хатка лясьніка, Васіля Чурылы. Маленькае ваконца хаткі смутным значком пазірала ў поле. Здалёк яно здавалася воўчым вокам. Над самым ваконцам зьвісла голая вярбіна і глуха шумела, усё роўна як стагнала.

Маленькая лямпачка тускна сьвяціла ў хатцы.

Агонь баязьліва дрыжаў, і чуць заметна скакаў і пераліваўся мрок па сьцяне. Каля стала сядзела жонка Васіля, Алеся. Ёй нічога не хацелася рабіць, дый работа падала з яе рук.

Дзеці даўно ўжо спалі.

— Дзе-ж гэта Васіль? — з уздохам пытала Алеся.

Васіль ня першы раз прыходзіў да дому ў такі позны час. Знала Алеся сабаччу лясьнікову службу, знала пана лясьнічага, што то быў за чалавек. Але, чаму-ж так нудна і страшна за Васіля сягоньня? Алеся і сама гэтага ня знала, толькі нейкая глухая трывога залезла ў душу і, як чарвяк, грызла сэрца.

Доўга чакала Алеся Васіля. Перадумала ўсе няшчасьці і здарэньні, якія маглі прылучыцца з Васілём у гэту неспакойную ноч.

А лес усё шумеў. Нудна шумеў стары лес...