Старонка:Kahaniec.Modny sliachciuk.djvu/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Андрэй. Дзякую! Нічагутка, жывема памаленьку. Як сам? Як дачка?

Ян. Здаровы, дзякаваць богу. Але сядай жа, нарэшце!

Андрэй. То і дзякаваць. А калі будзеце рады купцам, дык сяду!

Ян. Да ўжо ж, хто мае тавар, той і купцам рад. Што да цаны, то ці зойдземся, - а так ласкаве просім.

Андрэй. Яно то так. Але пакуль аб цану таргавацца, трэба б тавару паглядзець.

Ян. Пачакайце крышку: я пайду клікну яе. (Выходзіць.)

З'ява VII

Ян (уваходзіць, ведучы засаромеўшуюся дачку; за ім ідзе Ігнась). Ого! Пакуль мы тут, яны самі праз акно таргуюцца. Кажы, дачка, ці хочаш Ігнася?

Ганна. Як, тата, скажаце... (Падыходзіць да Андрэя і цалуе ў руку.)

Ян. Бач, якая пакорная?! А даўно то аднаго адправіла. Ну, давай, падвячоркаваць. (Ганна выбягае, штурхнуўшы Ігнася.) Ну, Ігнась, сядай, пагаворым.

Ігнась (цалуе ў руку). Дзякую пану бацьку. (Усе паселі за стол. Ганна прыносіць яечню на скаварадзе; бацька рэжа хлеб і кладзе перад кожным па лусце.)

Андрэй (налівае чарку). Такі трэба б было нам старгавацца.

Ян. А што нам таргавацца? Дзе ўжо згаварыліся, а ўсё, што мае, то іх будзе. Гаспадарка Ігнасёва невялікая, дык там брат яго ўправіцца, а Ігнат пры мне будзе.

Андрэй. Ну, дык згода! Будзь, куме, здароў і дзяржыся крэпка! (Выпівае.)

Ян. Пій на здароўе! Хай бог дзецям памагае! (Тым часам пачынаюць збірацца кабеты, хлопцы, дзяўчаты.)

З'ява VIII

Ян. Ну, калі і гасцей нам бог прыслаў, то няхай ужо ўсім будзе весела. Хадзі, Юрка, сюды. (Падыходзіць шустры чарнявы хлопец.) Схадзі, бач, скрыпку вазьмі, ды няхай і Волесь цымбалы цягне.

Юрка. Мо і Юзіка з кларнетам клікнуць?