Старонка:Kahaniec.Modny sliachciuk.djvu/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тэйшы? Ратуйце! Памажыце!.. Гэта дзяўчына шалёная ці якое ліха... Забіць хоча...

Ян. Вон, паганец!.. Віш, ты! Брахаць будзе... Вон, каб і нага твая тут не была!.. Я б з табой іначай пагаварыў, але абразы шаную і звычай святы. Адно вынасіся швыдчэй, а то часам і не вытрываю.

Пранцішак (адступаючы да дзвярэй, к сабе гаворыць). Ну, яшчэ добра скончылася.. Я баяўся, каб не было горай... (Шмыгнуў за дзверы.

З'ява V

Ганна (туліцца к бацьку). Балазе, татачка, вызвалілі мяне ад гэтага гада.

Ян. Дык праўду казалі аб ім, што не самавіты. Вось табе і моднае сватаўство!

Ганна (утаропіўшыся). Ціха, тата!

Ян. А што там?

Ганна. Як бы званок чуто, чуеце?

Ян (слухаючы). Але ж. Пошта ці што?!

Ганна. Як бы са шляху звярнулі. (Глядзіць у акно.)

Ян. Зноў бяда якая ці што. Да каго ж бы гэта? Хіба што не да нас... Дый хто?..

Ганна (стаіць ля акна). А мо і да нас. (Разам зрадзеўшы.) Татачка! Да гэта ж сваты. І да нас, да нас! Ужо і Бэйшараву хату мінулі...

Ян (паглядаючы ў акно). Праўда! Во, гэта дык па-людску, па-гаспадарску.

Ганна. А што, тата? Ці ж не казала? Вось і сваты!

Ян. Але коні добрыя. Ды хто ж бы то?

Ганна. Ігнась! Ігнась са сватам едзе!..

Ян. Ідзі ж, дзеўка, прыгарніся трохі, бо растрапалася, з гэтым злодзеем тузаючыся.

Ганна. Што гэта сягоння? Ажно галава кругом пайшла... (Выбягае)

З'ява VI

(Ян ходзіць неспакойна па хаце. Дзверы адчыняюцца і ўваходзіць сват Андрэй.)

Андрэй. Хай будзе пахвалёны!

Ян. На векі векаў! Што гэта, куме, ці не воўк здох, што ўрэшце ўспомніў аба мне? Гэтулькі часу і носа не ткнуў.

Андрэй. Часу, кумочку, не было. Далібог, колькі разоў збіраўся, ды ўсё неяк не выходзіла.

Ян. Эй, гавары, куме!.. Вось сядай лепей і кажы, што чуваць? Як баба маецца? Як дзеткі?