Старонка:Hmyrak Lavon.Tvory.djvu/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


адрываючыся, піў шклянку за шклянкай. Высмактаў ён іх са тры, тады закачаўся...

— Не вытрываю. Годзе ўжо жыць. Надакучыла. Побач мяне сядзіць жонка, як лапаць. Згінь, прападзі ты са сваім багаццем... Пайду ўтаплюся, і ўсё тут... — блытаючыся ў славах, казаў ён і, ківаючыся, пайшоў з хаты, але на парозе спаткнуўся і паваліўся. Зараз жа Мірон з Сымонам паднялі яго, адняслі ў кут, дзе і палажылі яго на ложку, і малады зараз жа заснуў.

— Госцікі дарагія, не турбуйцеся! — звярнуўся гаспадар да ўсіх. — Васіль, ведама, напіўся, п’яны, дык і мелець без толку. Гуляйце, скачыце... Эй, музыкі — «Лявоніху»!

Але гульня, як ні стараўся ажывіць яе Мірон, ніяк не клеілася — усе аставаліся пад уражаннем разыграўшайся прад імі драмы і нават дамоў сталі разыходзіцца раней, чым заўсягды на вяселлях бывае. Разыходзячыся, гаварылі, што няважнае хіба будзе жыццё Васіля з Марыляй, і паківалі галавой.