Старонка:Hmyrak Lavon.Tvory.djvu/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


сама. Ці ж лёгка мне цябе кідаць? А усё ж такі трэба, нічога не зробіш. Эх, Наста, Наста! - голас Васіля задрыжэў, - і чаму ткі гэтага пасагу ў цябе няма, чаму ты гэткая бедная? Як ні думай, нельга мне цябе браць. Эх, гора ты маё! Дзякуй Богу, - казаў далей Васіль, - што ткі ты мне волі не дала. Яшчэ горай тады б было. Ну, а так што? Пасядзіш трошкі ў дзеўках, а там і замуж выйдзеш. Прыгожа ты дужа. Во старшыноў сын Мікіта маніцца, чуў я, слаць да цябе сватоў. Што ж? Ён малец нішто, далікатны, унцера ў салдатах заслужыў і не бедзен! Добра табе будзе за ім, лепей, чым было б за мной, хараком гаротным. - У Васіля паказаліся слёзы. Цяжка ўздыхнула Наста. Надта шкада было Васіля, але што ж зрабіць! Так усё злажылася, што іначай і быць не можа. Гэтак, відаць, ужо пастанавіў Бог, і нічога не зробіш. Шмат гора перанесла яна на сваім вяку, не мінаваць і гэтага.

Эх ты, доля мая, доля! Не бачыла я добра, бадай што, і не ўбачу. Прыйдзецца мне быць Мікітавай ці чыёй жонкай і звекаваць век з нямілым.

І Наста трошку супакоілася. З тупой пакорнасцю пераносіла яна дагэтуль усё гора, гэтак жа яна гатова была ўжо спаткаць і гэту бяду. Некалькі часу маўчалі. Васіль, відаць, абдумваў нешта.