Старонка:Harun Ales.Matcyn dar.djvu/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


Начныя думкі.

Часам я у ночы сны дзіуныя бачу:
Роіцца нейкі нізьведаны край,
Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу,
То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай.

Бачу вялікія стэпы з-над Немна;
Туліць у сьлезах матуля сынка;
Сьцелецца пушча глухая і цемна;
Косьці з магілы глядзяць бедака...

Бачу я жоутае жытняе поле,
Коласам ціха шуміць-шэлясьціць;
Межы, курган векавечны і хвоя;
Каня з аднэю малітваю "піць".

Траука у ляску у цяню вырастае,
Корміцца сокам зямелькі сырой:
Птушка шчабечэ - людзей пацешае:
Льецца крынічка, плючкочэ вадой.

Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна!
Гуртам русалкі сьмяюцца, пяюць,
Кветкі купальскай шукае бяздольны;
З зеллям шаптухі паціху снуюць...

Хочацца быць мне у тым краю нізнаным,
Хочацца край той абняць с прастаты,
Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,
Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты!

Дай мне зрабіцца крынічкай лясною,
Бераг вадой абмываць, цалаваць;
Дай мне век цэлы дружыці с табою,
Хвойкі і зоры у сабе адбіваць.

Дай мне купальскую кветку у рукі,
Путы жалезныя мне развяжы,
Дай ты мне зелля на горо і мукі,
К шчасьцю гасьцінец мне дай, пакажы!

....................................

Ціха. Нічога ні чую, ні бачу.
Роіцца толькі нізведаны край,
Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу,
То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай...