Старонка:Harun.Datrymau charaktar.djvu/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была правераная


(Кладзе праз стол руку на плячо Вінцуся.) Эх, Вінця, трэба быць смелымі, маладымі героямі, мучанікамі, а не баяцца таго, што будзем сядзець. Будзем, ну й будзем. Помніш, як ў тэй кніжцы, каторую я браў з гімназіі, гэны малады мужчына? Вось дзе герой быў: прасядзеў у бакшце[1] трыццаць пяць гадоў, але не паддаўся.

Вінцусь (жаласліва, напалохаўшыся). Ой, не, Зючак, — я столькі тут не вытрываю, я барзджэй памру… (Вымае з кішэні хустачку і падносіць яе да вачэй.)

Зюк (прысуваецца з крэслам да Вінцуся і абнімае яго за шыю). Вінцуська, братачка, не плач… Прашу цябе, не плач!

Вінцусь (хаваючы хустачку ў кішэню, глытаючы слёзы). Я не плачу…

Зюк (трошкі адхіляецца ад Вінцуся і рукой, каторай яго абнімаў, лёгка стукае па стале далонню). Бачыш, трэба датрымаць сваё. Трымайся так, як я!

Вінцусь. Бо ты саўсім не ведаеш, Зюк, аб чым я думаю… Найгорш… найгорш было б прасядзець тут, у гэтым пакоі пустым, усю ноч…

Зюк (уражаны гэтымі слоўмі). Гм… Ліха! Я аб гэтым не думаў! (Жыва) Але не можа быць, пад вечар нас выпусцяць, — бо што ж гэта было б? А ў канцы заспакойся, братачка, нас жа двое. Калі хто і нападзе, дык будзем бараніцца. От, каб мне сюды маю шаблю!

Вінцусь (занепакоены). Ты думаеш, на нас нехта мог бы напасці?

Зюк. Гм-м… бачыш, ноччу ўсяго можна спадзявацца. Заўсёды лепш мець зброю.

Вінцусь. Божухна! Астацца тутака на ўсю ноч?! Я ўжо не баюся аб трыццаць пяць год, бо татка ж раней прыедзе і нас выпусціць, ну… але і адну ноч…

  1. Бакшт — астрог, вежа ў замку.