Старонка:Harecki4.djvu/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


7 Часць першая (1863—1905)

I. (ДА 1905 г.)

1772-1800

На аднэй геаграфічнай мапе, складзенай за часы Кацярыны, — значыцца, у блізкім часе пасля далучэння краю да Расіі (1772), — няма ні П’янава, ні Палянкі, хоць яны большыя за Камароўку, а Камароўка, хоць яна меншая, паказана. Можа, тут быў трыянгуляцыйны пункт.

Самыя старыя камароўскія дзяды не ведаюць, калі Камароўка пачалася. Але апавядаюць, што п’янаўскі пан, каб болей мець засеву, выганяў людзей з даўных вёсак на новыя месцы, глыбей, у лес, на ляды і расцяробы. І тады, кажуць яны, у ліку іншых новых вёсак, пачалася Камароўка. Нібыта выйшлі з Палянкі спярша чатыры двары, потым яшчэ два, — з таго яна і пачалася.

Усе двары спярша стаялі толькі з аднаго боку Віранкі, паўночнага. Хаты былі якраз на сонца, стаялі на ўзгорачку, па-над Віранкаю.

Віранка, што цяпер толькі гразная канаўка, тады была рэчкаю, з глыбокімі вірамі, чаму так і звалася. А на аколіцы, дзе цяпер улетку зусім высыхае і толькі ўвясну і ўвосень бывае топка, — кажуць, некалі стаяла возера.

І такое глыбокае, што ў ім залілася адна дарослая камароўская дзяўчына. Маці, у роспачы, укінула ў яго гарачую патэльню і пракляла яго: «Проклята будзь! Высахні, як гэтая патэльня!» Як сталі высякаць лясы, яно і высахла. Такая была легенда, цяпер ужо забытая.

Поле было маленечкае, толькі ля самых хат. Тут жа, з усіх бакоў, падступаў лес, кусты, балота. Мусіць, тады складзена гэтая сумная камароўская песня, у якой пяецца:

Выйду за вароты — махі ды балоты,
Мядзведзь кару дзярэць, камар песню пяець…

Дрэвы раслі спрадвечныя. Многа было такіх тоўстых, што два чалавекі, узяўшыся за рукі, не маглі абхапіць камля. Лес вечна гудзеў, цёмны і страшны.