Старонка:Golas ziamli 1943.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ГОЛАС ЗЯМЛІ

Я чую голас несціханны -
Зямля мая мяне заве
І кроіць сэрца мне на раны,
Звініць, як звон касы ў траве.

І шум дубровы, і стогн пушчы,
І рэк усхліп, і плач крыніц,
І немы зрок балотнай тлушчы
Нясуць мне весць пра чужаніц.

Я бачу постаці тэўтонаў -
Халодны твар, звярыны від.
Не знае жалю, ні законаў
У сталь закованы капыт.

О, каб я меў такія рукі,
Зямля, абняў-бы я цябе,
Каб сцішыць гора тваё, мукі
І сілу даць у барацьбе!

Зямля мая, мая краіна!
Я чую твой прызыўны звон.
Прымі-ж хоць слова твайго сына -
Не доўгі будзе твой палон.

Шумяць гняўліва твае пушчы,
Трасуцца помстаю бары,
І дзень твой хмурны зрок расплюшчыць -
Ёсць у цябе багатыры!

31 снежня 1941 г.