Старонка:Golas ziamli 1943.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВЯСНОЮ

Вясенняе неба, таполі
І светлае лісце на іх…
А сэрца маё, як ніколі,
Імкнецца да гоняў сваіх.

Тут ціха, спакойна, утульна,
І песціцца ў сонцы платан,
І лашчыцца вецер разгульны,
Шырокі, як ты, Ўзбекістан.

Я ведаю, там, ў Беларусі,
Снуюцца нядоля, бяда,
Пакутуе люд наш у скрусе,
І хлеб яго — сок, лебяда.

Я знаю — вядзе там чужынец,
Нямецкая погань свой рэй,
А дзеці глядзяць на гасцінец,
Чакаюць — прыходзьце хутчэй.

Ох, многа там гора, пакуты,
Ды ведай-жа, край родны мой:
Няхай буду бедны, разуты,
Абы толькі быць мне з табой.