Старонка:Geografija Eŭropy. Pradmova Ahlad.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

——— 33 ———

востраве Вялікабрытаніі, у Нямеччыне, Францыі, Бэльгіі, Голяндыі, Паўднёвай Скандынавіі. Гэтыя краіны складаюць так званы круг высока-культурных краёў Эўропы. Народы, што жывуць у гэтым крузе, адзначаюцца высокай асьветай, адсутнасьцю няпісьменых, высокім становішчам навукі й мастацтва. Дзякуючы ўсяму гэтаму, народ там жыве замажней, багацей, як на ўсходзе й на поўдні нашае часткі сьвету. Працаздольнасьць чалавека там дасягае найвышэйшага роўня, у помач чалавеку там прыцягнены ўсе лепшыя спосабы тэхнікі, прыродныя багацьці там выкарыстоўваюцца найлепшым спосабам і найболей поўна. Там дасягае найвышэйшай меры падзел працы паміж людзьмі і клясамі людзей. Клясы людзей там выявіліся выразьней за ўсё, асабліва дзьве асноўныя клясы: буржуазія і пролетарыят, якія знаходзяцца ў стане бязупыннага змаганьня паміж сабой. Чым вышэй стаіць тэхніка, тым астрэйшым робіцца гэтае змаганьне. З павялічэньнем ліку і велічыні фабрык павялічваецца колькасьць пролетарыяту, узмацняюцца пролетарскія саюзы і партыі, узрастае сіла працоўнага люду.

Большасьць насельнікаў Заходняй Эўропы жыве ў гарадох, тады як большая частка люднасьці Ўсходняй Эўропы жыве па вёсках. Гарады Заходняй Эўропы багацейшыя і прыгажэйшыя, як на ўсходзе. Там болей фабрык ды крам, лепшыя будынкі, чысьцейшыя вуліцы, лепшыя спосабы зносін, болей выгодаў жыцьця. Затое на ўсходзе больш рознастайнасьці ў паселішчах вясковага тыпу. На Ўкраіне ды Вугоршчыне часта спатыкаюцца вялікія вёскі па некалькі дзесяткаў тысяч насельнікаў у кожнай. На паўночным захадзе Эўропы вялікіх вёсак мала. Земляробы тамака ўважаюць за лепшае жыць паасобку па фольварках або фэрмах.

Ня гледзячы на значную рознастайнасьць у прыродзе й люднасьці асобных частак Эўропы, усю яе можна лічыць адзінай паводле галоўных асаблівасьцяй культуры яе насельнікаў. Хіба толькі вандроўныя калмыкі ды бадзяжныя самаеды і цяпер яшчэ жывуць пастарасьвецку, чураючыся г. зв. эўропэйскай культуры. Рэшта народаў Эўропы пакрысе пераймаюць усе тыя спосабы вырабу зямлі, усе тыя прылады, нават тыя спосабы грамадзянскага быцьця й тую навуку, якія былі створаны найболей культурнымі народамі Заходняй Эўропы. Ангельцы, немцы, італійцы, французы, беларусы і расійцы адналькова працуюць над пашырэньнем навукі й асьветы, абменьваюцца сваімі вынаходкамі ў мастацтве і ў тэхніцы, даюць кожны сваё ў скарбніцу агульна-эўропэйскай культуры.

Дзяржавы. У значнай меры ад асаблівасьцяй прыроды залежыць і політычны падзел Эўропы. Рознастайнасьць паверхні ў Заходняй Эўропе спрыяла ўтварэньню там вялікага ліку самастойных або напалову самастойных дзяржаў. Наадварот, на шырокіх раўнінах Усходняй Эўропы малыя народы не маглі з таксім посьпехам бараніцца ад дужэйшых суседзяў, як у горах захаду. Дзяржавы, утвораныя пануючымі клясамі вялікіх народаў, лёгка разьліліся па ўсходня-эўропэйскіх раўнінах і ў канцы XVIII веку зьліліся