Старонка:Geografija Eŭropy. Pradmova Ahlad.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

——— 32 ———

пераважвае сельская гаспадарка, дзе нізка стаіць асьвета, дзе адчуваецца недахват у палепшаных спосабах зносін. Саматужныя вырабы разам з сельска-гаспадарчымі продуктамі прывозяцца на кірмашы, дзе абменьваюцца на чужаземныя продукты. У даўнейшыя часы кірмашовы гандаль распаўсюджваўся па ўсёй Эўропе, але ад часу паляпшэньня дарог, калі паміж асобнымі краінамі пачаліся бойкія штодзенныя зносіны, кірмашы патроху страцілі сваю вагу ўва ўсіх культурных краёх Заходняй Эўропы. Толькі ў малакультурных краінах з рэдкай сеткай чыгунак кірмашы да сяго часу зьбіраюць многа людзей з усёй ваколіцы і маюць вялікую гандлёвую вагу. Аднак і там з кожным годам на кірмашы прывозіцца ўсё меней тавараў, а гандаль адбываецца па чыгунках і рэках. Буйны міжнародны сучасны гандаль адбываецца галоўным чынам па акіянах і асабліва па Атлянтычным акіяне, які зьяўляецца найбліжэйшай і найтанейшай дарогай паміж самымі багатымі й культурнымі краямі сьвету: Заходняй Эўропай і Ўсходнімі Штатамі Паўночнай Амэрыкі. Краіны, што ляжаць па берагох многалічных затокаў і мораў Атлянтычнага акіяну, у найменшай адлегласьці ад Злучаных Штатаў Амэрыкі, вядуць асабліва бойкі гандаль і маюць абароты замежнага гандлю ў 8 разоў большыя, чымся міжземнаморскія старонкі, і ў 17 разоў большыя, як Усходняя Эўропа. У Паўночна-Заходняй Эўропе знаходзяцца й найважнейшыя гандлёвыя морскія прыстані (Лёндон, Гамбург, Лівэрпуль, Антвэрпэн). Шпаркае разьвіцьцё гандлю Заходняй Эўропы тлумачыцца таксама мінэральным багацьцем і пашырэньнем прамысловасьці ў гэтым абшары нашае часткі сьвету. Гэты абшар можа даць найвялікшую колькасьць фабрычных продуктаў, а значыць можа й купляць болей розных тавараў, чым Паўднёвая або Ўсходняя Эўропа.

Міжэўропэйскі гандаль, абмен продуктамі між асобнымі часткамі Эўропы карыстаецца як морскімі, гэтак і рэчнымі й сухаземнымі шляхамі. Па морах і рэках вязуць найболей важкія й танныя тавары, як дрэва, каменьне й г. д. Паводле агульнай даўжыні рэчных шляхоў Усходняя Эўропа перавышае Заходнюю, але па рэках Заходняй Эўропы перавозяць тавараў болей, як на ўсходзе. Штучных вадзяных дарог-каналаў на захадзе значна болей, як на ўсходзе. Паўднёвая Эўропа з гэтага боку стаіць на апошнім месцы, бо яе рэкі бурлівыя, кароткія й нявыгодныя для руху судзінаў і нават для сплаву. Палепшаных сухаземных дарог — чыгунак і шосаў — на захадзе зноў болей, як на ўсходзе. Асабліва многа чыгунак у прамысловых краінах (у Бэльгіі, Ангельшчыне, Нямеччыне[1]).

Пільна ўглядаючыся ў асаблівасьці народнай гаспадаркі асобных частак Эўропы, убачым, што вышэй за ўсё прамысловасьць і гандаль стаяць у Паўночна-Заходняй Эўропе, асабліва-ж на
  1. На Эўропу прыпадае 351.846 кілёмэтраў чыгункавых ліній. З іншых частак сьвету паводле даўжыні чыгунак толькі Амэрыка перавышае Эўропу, бо мае іх 586.859 клм. Але на кожную тысячу кв. клм. у Эўропе прыпадае 35 клм. чыгунак, а ў Амэрыцы толькі 14. Уся Азія мае 114.123 клм. чыгунак, Афрыка — 48.153, Аўстралія — 36.388. (Паводле гэтых лічбаў складзі дыаграму).